МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЯ ЧА́СТКА (МСЧ),
комплексная лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед.сан. дапамогі тым, хто працуе на прадпрыемствах, ва ўстановах і г.д. Бывае закрытага тыпу (абслугоўвае толькі тых, хто працуе) і адкрытага (абслугоўвае і іх сем’і). Ствараюцца на буйных прадпрыемствах ці ў групе галіновых прадпрыемстваў з колькасцю працуючых 4 тыс. і больш; урачэбныя пункты аховы здароўя — з колькасцю працуючых 1,2 тыс. і больш; фельчарскія пункты — менш за 1 тыс. У МСЧ уваходзяць: бальнічна-паліклінічны комплекс з паліклінікай, стацыянарам, пунктамі аховы здароўя, лячэбна-дыягнастычнымі аддзяленнямі, кабінетамі, дзённымі стацыянарамі, санаторыямі-прафілакторыямі і інш. Забяспечвае мед.-сан. дапамогу працуючым пры захворваннях і траўмах (у т. л. дома), плануе і ажыццяўляе сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы па аздараўленні ўмоў працы, зніжэнні агульнай захворваемасці, праводзіць дыспансерызацыю і інш. Узначальвае МСЧ гал. ўрач.
Э.А.Вальчук.
т. 10, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)